Князь Валодша і
вайна з крыжакамі
Нямецкі манах
Аднойчы
разам з замежнымі купцамі ў Полацак прыплыў нямецкі манах Майнгард. Госць быў у
падношаным адзенні і трымаўся ціха і сціпла. Ён хацеў сустрэцца з полацкім
князем.
Тады ў нашай старажытнай дзяржаве
ўладарыў князь Валодша. Немцы пачціва называлі
яго каралём Вальдэмарам. У княжым хораме манах папрасіў
у караля Вальдэмара дазволу ахрысціць зямлю ліваў — племя, якое плаціла палачанам
даніну. Гэтая зямля ляжала там, дзе Дзвіна ўліваецца ў мора. Яе жыхары, як некалі
і нашыя прашчуры,
былі паганцы і маліліся старым багам у святых гаях і дубровах.
Валодша даў манаху згоду.
Ён не хацеў псаваць дачыненняў з багатымі нямецкімі
гарадамі, дзе гандлявалі полацкія купцы. А яшчэ ён верыў,
што Майнгард — шчыры чалавек і
сапраўды хоча служыць Ісусу Хрысту.
Але ў госця
і ягоных гаспадароў былі іншыя намеры: Майнгард
пабудаваў царкву, а потым прывёз нямецкіх
майстроў і паставіў каля мора некалькі моцных замкаў. Прыкрываючыся словамі пра Бога, немцы пачалі адбіраць у ліваў
і ў суседніх
з імі эстаў
зямлю ды іншае багацце.
На дапамогу манахам
з Нямеччыны прыбывалі рыцары. Яны нашывалі ў сябе
на плашчах крыжы, і таму атрымалі
назву крыжакі. Кожнага году іхнія караблі падымаліся па
Дзвіне ўсё вышэй. Князь Валодша зразумеў, што падпусціў да сваёй краіны небяспечнага
ворага.
З берагоў Варажскага
мора ў Полацак прыязджалі паслы ад ліваў і эстаў. Яны расказвалі, што крыжакі рабуюць
іх і прымушаюць
хадзіць разам з немцамі на вайну. Паслы прасілі дапамогі.
Полацкая дзяржава распачала доўгае
і цяжкае змаганне з немцамі.
Як
ваявалі нашы продкі
Галоўнай вайсковай сілаю тады была конніца з князевых дружыннікаў.
За дзень коннае войска праходзіла паўсотні кіламетраў, а калі ваяры ехалі з
запасным канём на повадзе, дык
улетку ад відна
да відна маглі прайсці ўдвая болей.
На ўзбраенні ў
дружыны былі дзіды, мячы, лукі,
вялікія шчыты, а ў блізкім баі
біліся таксама сякерамі і пђліцамі.
У паходзе засылалі наперад выведнікаў. Яны мелі заданне захапіць
чужога ваяра-“языка” і атрымаць ад яго
звесткі пра ворага.
Старажытныя беларусы ведалі шмат вайсковых хітрасцяў. Напрыклад, яны рабілі падманныя ўцёкі з поля бітвы
і заваблівалі ворагаў у засаду. Каб увесці непрыяцеля
ў зман, уначы
ставілі несапраўдны
стан. Невялікі аддзел (атрад) раскладаў шмат вогнішчаў, гучна пераклікаючыся, сек дровы, бразгаў зброяй. Ворагі думалі, што тут спынілася на начлег велізарнае войска, а па-праўдзе яно было ўжо далёка.
На берагах рэк
і на ўзгорках нашыя прадзеды будавалі “гляднѕ”. Глядзјнь — гэта
назіральная вежа. Адтуль вартавы ўдзень і ўначы сачыў,
ці не набліжаюцца чужынцы. Калі з’яўлялася
небяспека, дазорца запальваў сігнальны агонь, які быў
бачны з суседняга
глядня. Там таксама падпальвалі нарыхтаваныя сухія дровы. Ланцужок
такіх агнёў хутка “дабягаў” да горада, і жыхары
бралі ў рукі
зброю.
Калі здабыць чужы горад
з ходу не ўдавалася, яго абкружалі з
усіх бакоў і распачыналі аблогу.
Гарадскія ўмацаванні абносілі тынам, за якім хаваліся лучнікі.
Пакуль адна страла была ў палёце,
лучнік паспяваў паслаць наўздагон яшчэ тры. Пад
прыкрыццём стрэлаў ваяры падцягвалі бліжэй балѕсты
— машыны для кідання камянёў. Адзін камень для такой машыны з цяжкасцю
падымалі два чалавекі, а ляцеў ён далей, чым страла з
лука.
Наблізіўшыся да брамаў і сцен, абложнікі завальвалі роў галлём і
ссечанымі дрэвамі. У зробленых балістамі праломах кіпеў рукапашны бой. Ваяры лезлі па драбінах угору, а абаронцы кідалі на галовы ворагам бярвёны і каменне, лілі вар і гарачую смалу.
Так ваявалі і
дружыны князя Валодшы. Яны даходзілі да мора, дзе ўзвышаліся над наваколлем змрочныя крыжацкія замкі. Валодша заўсёды быў у гушчыні бітвы,
побач са сваімі ваярамі.
Аднойчы пушчаны варожаю балістай камень забіў пад князем каня.
Князь
Вячка
Крыжакі часта нападалі на падуладныя Полацку паселішчы. На беразе Дзвіны, у землях балтаў, стаяў горад
Куканос. Там кіраваў князь Вячка з роду Рагвалодавічаў.
Ягоныя аддзелы не давалі нямецкім рыцарам спакою і не пускалі іхнія
караблі ў бок Полацка.
Немцы сабралі супраць
Вячкі моцнае войска. Сілы былі вельмі
няроўныя, а падмога ад Валодшы падысці не паспела. Князь Вячка і дружына не здаліся.
Каб не аддаць свой замак захопнікам, яны спалілі яго
і адступілі
ў ноўгарадскія землі.
Вячка яшчэ доўга ваяваў
з немцамі. Аднаго разу ён са сваімі людзьмі
прыйшоў дапамагаць эстам, якія абаранялі горад Юр’еў.
Ворагі ўварваліся на вуліцы. Усе абаронцы загінулі ў
рукапашнай. Склаў галаву ў баі
і Вячка.
Цяпер старажытны Юр’еў
завецца Тарту. Адну з ягоных прыгожых
вулачак эстонцы назвалі імем адважнага беларускага князя.
Усевалад
з Герсікі
Мужна змагаўся з крыжакамі
яшчэ адзін князь з роду Рагвалодавічаў — Усевалад. Яму належаў горад Герсіка, што стаяў на Дзвіне
паміж Полацкам
і Куканосам. Усеваладавы дружыннікі
часта з’яўляліся пад сценамі пабудаванай
немцамі Рыгі. То яны падпаляць чужынскія
караблі, то, пераапрануўшыся
ў нямецкія даспехі, без бою ўвойдуць у варожы замак і
возьмуць багатую здабычу.
Аднойчы на Герсіку раптоўна напала вялікае рыцарскае
войска. Князь з дружынаю прабіўся да стругаў і ўратаваўся, але
ўсе жанчыны і дзеці трапілі ў палон.
Два дні захопнікі
рабавалі Герсіку, выганялі з хлявоў
кароў і коней, зносілі на плошчу золата і срэбра.
На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі
абразы, немцы падпалілі горад і пагналі
палонных у Рыгу. Прывязаная да калёсаў, басанож ішла ў
чужыну і Усеваладава жонка з маленькай дачкою на руках.
Каб вызваліць палонных, князь мусіў паехаць да крыжакоў і паабяцаць,
што больш не будзе падымаць зброі супроць немцаў.
Але ў душы ён не скарыўся і чакаў зручнага
моманту, каб зноў ударыць па ненавісных захопніках.
Апошні паход
Вайна
з немцамі доўжылася ўжо трыццаць гадоў. Валодша вырашыў сабраць войска з усёй
сваёй дзяржавы і ісці ўніз па Дзвіне на Рыгу, каб разбіць рыцараў і даць
Полацкаму княству мір.
Князь адправіў паслоў у землі балтаў і ў
суседнія славянскія княствы. Ягоныя пасланцы паехалі ў Герсіку і ў Ноўгарад.
Усевалад сустрэў палачанаў з радасцю, а ноўгарадцы ўспомнілі старыя крыўды і
ісці ў паход адмовіліся.
Немцам удалося дазнацца
пра Валодшавы планы. Пад выглядам купцоў
і рамеснікаў крыжакі заслалі на беларускія землі сваіх шпегаў.
Яны атрымалі заданне хоць якім спосабам
сарваць паход.
У прызначаны дзень
у Полацку сабраліся палкі з усёй дзяржавы.
Пешыя ваяры павінны былі рухацца
далей на плытах і стругах,
а вершнікі — дзвінскім берагам. Па дарозе да гэтай сілы збіраліся
далучыцца дружыны балтаў, эстаў і
князя Усевалада.
Перад выхадам у паход Валодша памаліўся ў Сафійскім саборы.
Потым ён падняўся на свой вялікакняскі карабель і павярнуўся
тварам да горада.
Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Вясновае сонца грала на шаломах у ваяроў. Дружыны стаялі пад шматколернымі сцягамі. Князь глядзеў на іх і думаў,
што чужынцам ніколі не ўдасца перамагчы крывіцкую
зямлю.
“Слава князю Валодшу! Слава!” — крычалі ваяры. І раптам яны ўбачылі,
як іхні валадар пахіснуўся, схапіўся рукамі за карабельную слямгу і пачаў
паволі асядаць на дол.
Так загадкава абарвалася
жыццё полацкага князя Валодшы. Відаць, яго атруцілі падасланыя
немцамі людзі. Гэта здарылася
ў 1216 годзе.
На той раз ворагі дамагліся свайго. Пазбаўленае камандзіра полацкае войска ў паход не пайшло. Але захапіць старажытную беларускую дзяржаву і паставіць яе
на калені нямецкія рыцары не змаглі.
Мір Полацка з Ноўгарадам
Праз
дваццаць гадоў пасля Валодшавай смерці полацкая князёўна Аляксандра стала
жонкаю ноўгарадскага князя. Яго звалі Аляксандрам Яраславічам, а потым, за перамогу над шведамі на рацэ Няве, назвалі Неўскім.
Упершыню за доўгія гады палачане
і ноўгарадцы біліся поплеч супраць
агульнага ворага. У той бітве здабыў сабе
вечную славу беларус Якаў Палачанін. Узброены адным мячом, ён адолеў некалькі дзесяткаў шведскіх рыцараў.
Дружыннікі з Полацка і Віцебска
складалі трэцюю частку войска Аляксандра Неўскага ў бітве
з нямецкімі захопнікамі на Чудскім возеры. Тую бітву назвалі Лядовым пабоішчам.
Вяртаючыся дадому пасля перамогі,
беларускія ваяры часта ўспаміналі каля вечаровых вогнішчаў князя Валодшу. Яны верылі, што той бачыў усё з захмарных
высяў і радуецца
цяпер разам з імі.
Пытанні і заданні
1. Навошта
прыязджаў у Полацак нямецкі манах Майнгард?
2. Хто такія
крыжакі? Чаму Полацкая дзяржава пачала з імі
вайну?
3. Раскажы, як ваявалі
нашыя продкі?
4. Што ты ведаеш
пра князёў
Вячку і Усевалада?
5. Чаму не адбыўся
задуманы князем Валодшам паход на Рыгу?
6. Хто дапамог ноўгарадцам перамагчы шведаў і немцаў? Чаму
мы памятаем пра Якава Палачаніна?